Напрыканцы XVII стагоддзя студэнт-медык па імені Ёханэс Хофер заўважыў дзіўную хваробу, на якую хварэлі швейцарскія найміты, што служылі ў іншаземных войсках. Яе сімптомы, уключаючы стому, бяссонне, арытмію, нястраўнасць і нават гарачку, былі да таго моцнымі, што хворых жаўнераў нават часта прыходзілася звальняць. Як заўважыў Хофер, прычынай было не нейкае медычнае захворванне, а моцная туга па гарыстай радзіме. Ён назваў гэты стан настальгіяй, ад грэчаскіх словаў nostros «вяртанне дадому» і algos «боль ці туга». Спачатку настальгію лічылі пакутай, уласцівай толькі швейцарцам. Некаторыя дактары меркавалі, быццам няспынны перагук званочкаў альпійскіх кароў шкодзіў барабаннай перапонцы і мозгу. Камандзіры навад забаранялі жаўнерам пець традыцыйныя швейцарскія песні, маўляў, яны прыводзілі да дэзерцірства або самагубства. Але з цягам часу міграцыя распаўсюдзілася па свеце, і настальгію пачалі заўважаць і ў іншых народаў. Выявілася, што перажываць настальгію мог кожны чалавек, надоўга адрэзаны ад родных мясцінаў. Да пачатку ХХ стагоддзя медыкі больш не лічылі яе неўралагічным захворваннем, а псіхалагічным станам, падобным да дэпрэсіі. Псіхолагі таго часу строілі здагадкі, што ў яе аснове ляжаць цяжкасці расставання з дзяцінствам ці нават жаданне вярнуцца ў становішча эмбрыёна. Але праз колькі наступных дзесяцігоддзяў разуменне настальгіі змянілася ў двух вельмі істотных напрамках. Гэта слова пачало азначаць не толькі тугу па радзіме, але і агульны смутак па мінулых гада́х. Яе больш не лічылі страшнай хваробаю, а ў праявах настальгіі пачалі бачыць нешта чуллівае і прыемнае. Магчыма, самы знакаміты яе прыклад быў апісаны у рамане французскага пісьменніка Марсэля Пруста. Ён распавядаў, як смак «мадленак», якія галоўны герой не каштаваў з дзяцінства, выклікаў у памяці цэлы букет пяшчотных і даволі моцных пачуццёвых асацыяцый. Але што ж выклікала такія карэнныя змены ў нашым поглядзе на настальгію? Часткова гэта тычыцца навукі. Псіхалогія змяніла акцэнт з чыстай тэорыі да больш уважлівага і сістэматычнага эмпірычнага назірання. І псіхолагі зразумелі, што шмат якія негатыўныя сімптомы, хутчэй за ўсё, супалі з настальгіяй, а не былі ёй выкліканы. І, насамрэч, уяўляючы сабой складаны эмацыянальны стан, які можа ўключаць такія пачуцці, як страта і журба, настальгія звычайна не выклікае ў людзей дрэнны настрой. Наадварот, дапамагаючы прыгадаць асабіста значныя і прыемныя ўспаміны, што звязаны з іншымі людзьмі, настальгія можа палепшыць псіхалагічнае здароўе. Згодна з вынікамі даследаванняў, наўмысны выклік настальгіі дапамагае ўзмацніць адчуванне падыспытнымі самаацэнкі і сацыяльнай прыналежнасці, стымуляваць псіхалагічны рост і нават прымусіць іх быць больш шчодрымі. Таму замест таго, каб выклікаць псіхалагічнае захворванне, настальгія можа быць сродкам аднаўлення, што дапаможа пераадолець яго. Напрыклад, калі людзі сутыкаюцца з негатыўнымі эмацыянальнымі станамі, натуральна яны больш будуць выкарыстоўваць настальгію, каб паменшыць стрэс і аднавіць добрае самаадчуванне. Здаецца, што сёння настальгія ўсюды, асабліва таму, што рэкламшчыкі спазналі, наколькі яна можа быць моцнай у якасці тэхналогіі маркетынга. Лёгка разважаць пра настальгію, як быццам нехта завязнуў у мінулым, але насамрэч яе прызначэнне іншае. Наадварот, настальгія нагадвае пра тое, што наша жыццё мае сэнс і каштоўнасць, дапамагаючы нам набыць неабходныя ўпэўненасць і матывацыю, каб сустрэцца з магчымымі выпрабаваннямі будучыні.