Кожны год прыблізна 7 мільёнаў чалавек па ўсім свеце паміраюць ад інфаркта міякарда, і сардэчна-сасудзістае захворванне, якое прыводзіць да інфарктаў і іншых праблем, як, напрыклад, інсульт, з'яўляецца вядучым сусветным "забойцай". З-за чаго ж развіваецца інфаркт? Як усім мышцам, сэрцу патрэбны кісларод, а падчас інфаркту яго не хапае. Тлушчавыя адклады, ці бляшкі, фарміруюцца на сценках каранарных артэрый. Гэта сасуды, якія падаюць насычаную кіслародам кроў да сэрца. Гэтыя бляшкі растуць з узростам, часам павялічваюцца ў аб'ёмах, цвярдзеюць, ці запаляюцца. У канчатковым выніку бляшкі могуць перарасці ў тромб. Калі адна з бляшак разрываецца ці пашкоджваецца, вакол гэтага месца праз хвіліны фарміруецца згустак крыві, і часткова блакаванная артэрыя блакуецца цалкам. Кроў не паступае да сардэчнай мышцы, і клеткі без кіслароду пачынаюць паміраць праз некалькі хвілін. Гэта інфаркт міякарда, ці сардэчны прыступ. Без медыцынскай дапамогі сітуацыя можа імкліва пагоршыцца. Пашкоджаная мышца можа не перакачваць кроў так добра, і яе рытм можа быць парушаны. У найгоршым выпадку сардэчны прыступ можа стаць прычынай смерці. А як распазнаць, што ў чалавека інфаркт? Найбольш распаўсюджаны сімптом – болі ў грудзях, выкліканыя недахопам кіслароду ў сардэчнай мышцы. Пацыент апісвае гэты боль як інтэнсіўны ці моцны. Боль можа аддаваць у левую руку, сківіцу, спіну, ці жывот. Але ён не заўсёды такі раптоўны і драматычны, як у кіно. Некаторыя адчуваюць млосць ці задышку. Сімптомы могуць быць менш яўнымі ў жанчын ці сталых людзей. Для іх слабасць і стомленнасць могуць быць галоўным сігналам. На дзіва, у многіх людзей, асабліва хворых на дыябет, які ўплывае на балявыя нервы, інфаркт можа быць бязболевым. Калі вы лічыце, што ў чалавека інфаркт, важней за ўсё хутка рэагаваць. Калі ў вас ёсць доступ да службы хуткай медыцынскай дапамогі, выклікайце іх. Гэта самы хуткі спосаб трапіць у шпіталь. Прыём аспірыну, які разрэджвае кроў, і нітрагліцэрын, які адчыняе артэрыю, можа дапамагчы не пагоршыць сардэчны прыступ. У пункце хуткай дапамогі дактары могуць дыягнаставаць інфаркт. Звычайна яны робяць электракардыяграму, каб памераць электрычную актыўнасць у сэрцы, і аналіз крыві, каб ацаніць ступень пашкоджання сардэчнай мышцы. Пацыента змяшчаюць у кардыялагічнае аддзяленне, дзе робяцца аналізы для вызначэння месца блакіроўкі. Кардыёлагі могуць адчыніць заблакаваную артэрыю, надуваючы шарык, пры працэдуры, якая завецца ангіяпластыка. Часта яны таксама ўстауляюць металічны ці палімерны стэнт, які будзе трымаць артэрыю раскрытай. Больш вялікія тромбы могуць патрабаваць аортакаранарнага шунтавання. Пры дапамозе часткі вены ці артэрыі з другой часткі цела, кардыёхірургі могуць змяніць напрамак крыватоку ў абход тромба. Гэтыя працэдуры вяртаюць цыркуляцыю ў сардэчную мышцу, аднаўляючы сардэчную функцыю. Лячэнне інфаркту прагрэсуе, але прадухіленне неабходна. Генэтыка і фактары спосабу жыцця ўплываюць на вашу рызыку. Добрыя навіны ў тым, што вы можаце змяніць свой уклад жыцця. Спорт, здаровае харчаванне і зніжэнне весу разам паніжаюць рызыкі інфарктаў, незалежна ад таго, ці былі яны ў вас раней. Дактары рэкамендуюць займацца спортам некалькі разоў на тыдзень, выконваючы і аэробныя, і сілавыя нагрузкі. "Сардэчная" дыета ўключае памяншэнне цукру і насычаных тлушчоў, якія прыводзяць да сардэчных захворванняў. Што ж можна есці? Шмат валокан з гародніны, птушку і рыбу замест чырвонага мяса, цэльныя злакі і арэхі накшталт грэцкіх, ці міндалю – ўсё гэта вельмі карысна. Добрая дыета і план фізічных нагрузак трымаюць вагу ў здаровым дыяпазоне, што таксама зніжае рызыку інфарктаў. І вядома, лекі могуць прадухіліць інфаркт. Дактары часта выпісваюць слабадазаваны аспірын, напрыклад, асабліва пацыентам, у якіх ужо быў інфаркт, і тым, хто знаходзіцца ў группе павышанай рызыкі. Усе лекі, што дапамагаюць спраўляцца з такімі фактарамі рызыкі, як высокі крывяны ціск, халестэрол, і дыябет, таксама памяншаюць магчымасць інфарктаў. Магчыма, сардэчны прыступ шырока распаўсюджаны, але не абавязкова непазбежны. Здаровае харчаванне, адмова ад курэння, добрая фізічная форма, доўгі сон і шмат смеху маюць вялікі ўплыў на тое, каб самая важная мышца вашага цела працягвала працаваць.