Добры дзень! Як справы? Вам спадабалася канферэнцыя? Папярэднія выступы кранулі мяне да глыбіны душы, таму я, напэўна, лепш пайду. Цягам канфэренцыі я сачыў за трыма тэмамі, важнымі для майго выступу. Па-першае, кожная лекцыя і кожны выступоўца ўяўлялі сабой прыклад чалавечай здольнасці да творчасці - неверагодна шырокай і разнастайнай. Па-другое, мы зразумелі, што зусім не ўяўляем сабе, як будзе выглядаць наша будучыня. Аніякіх абрысаў. Я цікаўлюся адукацыяй; шчыра кажучы, мне падаецца, што адукацыя цікавая ўсім. Гэта даволі займальна: вось вы на вечарыне, і вы згадваеце пра тое, што займаецеся педагогікай. Насамрэч педагогі не так часта бываюць на вечарынах, іх не запрашаюць. (Смех у зале) Цікава, што нават не запрашаюць, нават пабыўшы ў іх у гасцях. Але ўсё ж такі на вечарыне, і хто-небудзь зацікавіўся вашай прафесіяй. Вы адказваеце, што вы педагог, і ў суразмоўца бялее на вачох. "Божа, у адзіны выходны за ўвесь тыдзень я натрапіў на настаўніка!" Аднак калі запытацца ў суразмоўцы пра яго ўласную адукацыю, ён адразу абразіцца. Гэтае пытанне лічыцца нетактоўным, занадта асабістым, ці не так?.. накштал пытанняў пра веравызнанне, заробак і да таго падобных. Я вельмі цікаўлюся адукацыяй, як, мяркую, мы ўсе; гэтая тэма такая блізкая нам збольшага таму, што менавіта адукацыя стане для нас дзвярыма ў будучыню, якую мы не здольныя ўявіць. Калі ўдумацца, то дзеці , што ў гэтым годзе пайшлі ў школу пойдуць на пенсію ў 2065 годзе. Нягледзячы на ўсё тое, што мы пачулі за гэтыя чатыры дні, ніхто не мае аніякага ўяўлення пра тое, якім будзе свет хаця б праз пяць год. І, тым не менш, мы павінны даваць дзецям адпаведныя веды. Тут нічагусенька нельга спрагназаваць. І па-трэцяе, мы ўсе, мяркую, пагодзімся, што дзеці здольныя на абсалютна неверагодныя рэчы, яны здольныя ствараць. Учора мы бачылі Сірын - ейныя здольнасці надзвычайныя. Яна - выключэнне з правілаў, але ў пэўным сэнсе яна звычайная - калі можна так сказаць, у маштабе ўсіх дзяцей свету. Мы бачым у ёй спалучэнне рэдкай самаадданасці з прыроджаным талентам. Я мяркую, што такія таленты ёсць ва ўсіх дзяцей, а мы безадказна распараджаемся імі. Я хацеў бы пагутарыць пра адукацыю і пра творчасць. Мне падаецца, што творчасць зараз настолькі ж важная, наколькі важная пісьменнасць, і мы павінны надаць творчасці адпаведны статус. (Воплескі) Дзякуй. Вось і ўсё, дарэчы. Дзякуй за ўвагу. (Смех у зале). Так, засталося яшчэ 15 хвілін. Ну, я нарадзіўся... не. (Смех у зале) Я вельмі люблю распавядаць адну гісторыю. Шасцігадовая дзяўчынка сядзела за апошняй партай на ўроку малявання, і нешта малявала. Увогуле дзяўчынка не звяртала ўвагі на ўрок, але тады яна працавала з вялікім захапленнем. Настаўніцы гэта спадабалася, яна падышла да дзяўчынкі і спытала: "Што ты малюеш?" Дзяўчынка адказала: "Я малюю Бога". Настаўніца сказала: "Ніхто не ведае, як выглядае Бог," а дзяўчынка адказала: "Зараз даведаюцца." (Смех у зале) Калі майму сыну ў Англіі было чатыры гады... шчыра кажучы, яму паўсюль было чатыры гады. (Смех у зале) Калі быць дакладным, у тым годзе, дзе б ён ні быў, яму заўжды было чатыры гады. Дык вось, ён граў у каляднай пастаноўцы. Вы помятаеце сюжэт? Гэта ж быў блакбастар! Мэл Гібсан зняў працяг, вы напэўна бачылі: "Каляды-2". Джэймс атрымаў ролю Іосіфа, мы былі вельмі радыя. Мы тады вырашылі, што гэта - адна з галоўных роляў. Мы нанялі спецыяльных людзей у цішотках: "Джэймс Робінсан - Іосіф!" (Смех у зале) Роля без словаў, але вы памятаеце частку, дзе з'яўляюцца тры вешчуны. Яны прыходзяць з дарамі, прыносяць золата, ладан і міру. Рэальны выпадак. Мы сядзелі ў зале, і вешчуны, здаецца, пераблыталі парадак дароў; прынамсі, пасля пастаноўкі мы спыталі ў аднаго з хлопчыкаў, ці ўсё прайшло добра, і яго вельмі здзівіла пытанне. Яны проста памяняліся адзін з адным. Дык вось, уваходзяць тры хлапчукі , кожнаму па чатыры гады, з ручнікамі на галовах, ставяць на падлогу скрынкі, першы кажа: "Я прынёс табе золата", другі кажа: "Я прынёс табе мірры", а трэці кажа: "Я прынёс табе... ладна, ну!" У абедзвюх гісторыях ёсць нешта агульнае - дзеці ўмеюць рызыкаваць; яны не ўпэўненыя ў нечым, але ўсё роўна спрабуюць, не баючыся памыліцца.