[Яго Святасць Папа Францішак,
запіс зроблены ў Ватыкане
і ўпершыню паказаны на TED2017]
Добры вечар.
Ці добрай раніцы -- я не ўпэўнены,
якая ў вас гадзіна.
Якая б гадзіна ні была, я вельмі ўсцешаны
прыняць удзел у вашай сустрэчы.
Мне вельмі падабаецца яе назва --
“The future you” (анг. "Будучы ты"),
таму што яна, гледзячы ў заўтрашні дзень,
ужо сёння запрашае да дыялогу:
гледзячы ў будучыню,
запрашае звярнуцца да "сябе".
“The future you” --
гэта будучыня, што створана з "цябе",
створана з сустрэч,
бо жыццё цячэ скрозь адносіны.
Шмат гадоў майго жыцця
яшчэ больш зацвердзілі
маё перакананне,
што існаванне кожнага з нас
цесна звязана з існаваннем іншых:
жыццё -- гэта не час, якi праходзіць,
а чаc сустрэч.
Калі я сустракаю ці слухаю
хворых людзей, што пакутуюць,
мігрантаў, што сутыкаюцца
з неймавернымі цяжкасцямі
ў пошуках лепшага лёсу,
вязняў, што нясуць пекла ў сваіх сэрцах,
людзей, асабліва маладых,
што не маюць працы,
у мяне часта паўстае пытанне:
"Чаму яны, а не я?"
Я таксама нарадзіўся ў сям'і мігрантаў:
мой тата і яго бацькі,
як і шмат якія італійцы,
адправіліся ў Аргентыну
і спазналі лёс тых,
хто застаецца ні з чым.
Я таксама мог бы быць
сярод "непатрэбных" сёння людзей.
Таму ў маім сэрцы заўсёды
застаецца пытанне:
"Чаму яны, а не я?"
Мне перш за ўсе хацелася б,
каб гэтая сустрэча дапамагла нам узгадаць,
што ўсе мы патрэбныя адно адному,
што ніводзін з нас
не з'яўляецца выспай,
аўтаномным і незалежным "Я",
што будучыню можна пабудаваць
толькі разам,
не выключаючы нікога.
Мы не задумваемся пра гэта,
але ўсё сапраўды ўзаемазвязана,
і нам неабходна аздаравiць
гэтыя сувязі:
нават моцнае асуджэнне,
што я трымаю ў сваім сэрцы
ў адносінах да майго брата
ці маёй сястры,
тая рана, якую ніколі не лячылі,
тая не выбачаная мною крыўда,
азлобленасць, што прынясе
толькі боль, --
гэта частка вайны,
што я нясу ў сабе,
полымя ў сэрцы, якое трэба патушыць,
бо інакш разгарыцца пажар
і пакіне толькі попел.
Сёння шмат хто з розных прычын,
здаецца, перасталі верыць,
што шчаслівая будучыня магчымая.
Да гэтых страхаў трэба
ставіцца сур'ёзна.
Але яны не з'яўляюцца непераможнымі.
Іх магчыма пераадолець,
калі не замыкацца ў сабе.
Таму што шчасце магчыма зведаць толькі
як дар гармоніі кожнай часцінкі
з усім цэлым.
Нават навука --
аб гэтым вам вядома лепш за мяне --
падцвярджае такое разуменне рэальнасці,
дзе кожны элемент існуе ў сувязі,
у бясконцым узаемадзеянні з усім астатнім.
І так я падыходжу
да свайго другога паведамлення.
Як цудоўна было б,
калі б рост навуковых
і тэхналагічных інавацый
суправаджаўся яшчэ
большай роўнасцю і сацыяльнай інклюзіяй!
Як цудоўна было б, калі,
адкрываючы новыя далёкія планеты,
мы адчулі б патрэбы нашых
брата і сястры, што круцяцца вакол нас!
Як было б цудоўна, калі б братэрства,
такое прыгожае і часам нязручнае слова,
не зводзілася толькі
да сацыяльнай дапамогі,
а стала б галоўным клопатам
падчас прыняцця палітычных,
эканамічных, навуковых рашэнняў
і ў адносінах між людзьмі,
народамі і краінамі.
Толькі выхаванне людзей
у братэрстве і салідарнасці
дапаможа пераадолець
"культуру непатрэбных",
і гэта тычыцца не толькі ежы ці тавараў,
а перш за ўсё людзей,
якія сталі адкінутымі на ўскраіны
тэхна-эканамічнымі сістэмамі,
у цэнтры ўвагі каторых несвядома
знаходзіцца ўжо не чалавек,
а тавары.
Салідарнасць -- гэта слова,
якое шмат хто хацеў бы
выкінуць са слоўніка.
Салідарнасць, аднак, --
гэта не нейкі аўтаматычны механізм,
яе немагчыма запраграмаваць
ці кіраваць ёю:
гэта вольны выбар,
што нараджаецца ў сэрцы кожнага з нас.
Так, менавіта вольны!
Калі чалавек зразумее, што яго жыццё,
нават у гушчары шматлікіх
супярэчнасцяў,
гэта дар,
любоў -- гэта крыніца
і сэнс жыцця,
як можна пераважыць у сабе
жаданне чыніць дабро іншым людзям?
А каб чыніць дабро,
патрэбна памяць, мужнасць
і нават крэатыўнасць.
Я даведаўся, што TED
збірае шмат вельмі крэатыўных людзей.
Так,
любоў патрабуе крэатыўных, канкрэтных,
нестандартных рашэнняў.
Не дастаткова проста
добрых інтэнцый і звыклых формул,
што часта служаць толькі
для ўласнага заспакаення.
Давайце ж разам дапаможам
адно адному запомніць,
што іншыя людзі --
гэта не проста статыстыка ці лічбы:
кожны з іх мае твар,
"ты" -- гэта заўсёды канкрэты твар,
гэта брат, варты клопату.
Існуе прыпавесць, якую Езус распавёў,
каб дапамагчы нам зразумець розніцу
паміж тымі, хто думае
аб уласным камфорце,
і тымі, хто дбае пра іншых.
Вы яе пэўна чулі:
гэта прыпавесць аб Міласэрным Самараніне.
Калі ў Езуса пыталіся "Хто мой сусед?",
што значыць "Пра каго мне клапаціцца?",
Ён распавядаў гэтую прыпавесць,
прыпавесць пра чалавека,
на якога напалі злодзеі, абрабавалі,
збілі яго і пакінулі на дарозе.
Два вельмі паважаныя
ў тыя часы чалавекі -- святар і лявіт --
убачылі яго,
але прайшлі, не зважаючы, і не спыніліся.
Потым праходзіў самаранін --
чалавек з этнічнай групы, якой пагарджалі.
І гэты самаранін, калі ўбачыў
на зямлі зраненага чалавека,
не прайшоў міма як іншыя,
быццам яго там і не было,
але пашкадаваў яго.
I гэта спачуванне
схіліла яго да канкрэтных дзеянняў:
ён перавязаў раны бедаку,
паліваючы іх алеем і віном,
прывёз яго ў гатэль,
і заплаціў з уласнай кішэні за тое,
каб за ім даглялалі.
Прыпавесць аб Міласэрным Самараніне --
гісторыя сучаснага чалавецтва.
Шляхі народаў поўняцца ранамі
з-за таго, што ўсё сканцэнтравана
вакол грашэй і рэчаў,
а не людзей.
У тых, хто лічыць сябе "прыстойнымі",
ёсць звычка
не хвалявацца пра іншых
і пакідаць такім чынам шмат людзей,
нават цэлыя народы, ззаду,
на ўскраіне дарогі.
Алё ёсць таксама і тыя,
хто стварае новы свет
праз дапамогу іншым людзям,
выдаткоўваючы ўласнае.
Дарэчы, Маці Тэрэза з Калькуты казала:
"Немагчыма любіць,
калі не за кошт самога сябе".
Нам трэба вельмі шмат зрабіць,
і мы павінны рабіць гэта разам.
Але як гэта зрабіць пры ўсім тым зле,
якім мы дыхаем?
Дзякуй Богу,
ніводная сістэма не можа забараніць нам
адкрыцца насустрач дабру, спачуванню
і здольнасці процістаяць злу,
што зыходзяць з глыбіні нашых сэрцаў.
Цяпер вы мне скажаце:
"Гэта ўсё прыгожыя словы,
але я не Міласэрны Самаранін
і не Маці Тэрэза з Калькуты".
Аднак кожны з нас каштоўны,
кожны з нас незаменны ў вачах Бога.
І ў цемры канфліктаў,
праз якія мы прабіраемся,
кожны з нас можа стаць яркай свечкай,
напамінам пра тое, што святло
заўжды перамагае цемру,
а не наадварот.
Для нас, хрысціян, будучыня мае імя,
і імя гэта -- надзея.
Спадзявацца не значыць быць
наіўнымі аптымістамі,
што ігнаруюць зло чалавецтва.
Надзея -- гэта дабрадзейнасць сэрца,
што не замыкаецца ў цемры,
не засяроджваецца на мінулым,
не вязне ў сучаснасці,
але здольная бачыць будучыню.
Надзея -- гэта дзверы,
адчыненыя ў будучыню.
Надзея -- гэта пакорнае і
схаванае зярнятка жыцця,
якое з часам вырастае ў вялікае дрэва.
Яна, як нябачныя дрожджы,
што дазваляюць усяму цесту падняцца,
яна надае смак усяму жыццю.
Яна здольная зрабіць шмат,
таму што дастаткова аднога пробліска
святла, што жывіцца надзеяй,
і цемра не будзе такой апраметнай.
Каб існавала надзея,
дастаткова аднаго чалавека,
і гэтым чалавекам можаш быць ты.
Потым з'явіцца другі "ты",
і яшчэ адзін "ты",
і вось гэта ўжо "мы".
А калі ёсць "мы",
ці тады пачынаецца надзея?
Не, яна ўжо пачалася з "цябе".
Калі ёсць"мы", пачынаецца рэвалюцыя!
Трэцяе і апошняе паведамленне,
якое б я хацеў сёння данесці,
датычыцца акурат рэвалюцыі:
рэвалюцыі пяшчотнасці.
Што такое пяшчота?
Гэта любоў, блізкая і адчувальная.
Гэта рух, што ўзнікае ў сэрцы
і дасягае вачэй, вушэй і рук.
Пяшчота азначае мець вочы,
каб бачыць іншых,
вушы, каб чуць іншых,
каб слухаць плач дзяцей, беднякоў,
тых, хто баіцца будучыні,
каб пачуць ціхі крык
нашага агульнага дома --
нашай забруджанай і хворай планеты.
Пяшчота азначае мець рукі і сэрца,
каб даглядаць іншага,
клапаціцца пра яго.
Пяшчота -- гэта мова дзетак,
тых, каму патрэбны іншыя.
Дзіцятка любіць і пазнае сваіх тату і маму
праз іх дотык, погляд, голас і пяшчоту.
Мне падабаецца чуць,
як тата ці мама размаўляюць
са сваім маленькім дзіцяткам,
калі i яны становяцца дзецьмі,
размаўляючы так, як гэта робіць іх дзіця.
Гэта і ёсць пяшчота:
сыйсцi на адзiны ўзровень з іншымі.
Так і Бог спусціўся ў вобразе Езуса,
каб стаць з намі на адзін узровень.
Гэта шлях, што прайшоў
Міласэрны Самаранін.
Гэта шлях самога Езуса,
што спусціўся
і пражыў цэлае чалавечае жыццё,
кіруючыся моваю любові.
Так, пяшчота -- гэта шлях,
якім кіраваліся найбольш мужныя і моцныя
мужчыны і жанчыны.
Пяшчота -- гэта не слабасць, гэта моц.
Гэта шлях салідарнасці, шлях пакоры.
Дазвольце мне сказаць выразна:
чым больш ты маеш улады,
чым больш твае дзеянні
маюць уплыў на людзей,
тым больш пакорным павінен быць ты сам.
Інакш твая ўлада цябе знішчыць,
а ты загубіш іншых.
У Аргентыне кажуць,
што улада -- гэта як джын нашча.
Дае ў галаву, робіць цябе п'яным,
ты губляеш раўнавагу
і робіш дрэнна сабе і іншым,
калi не дадаеш пакору i пяшчоту.
Аднак разам з пакорай і любоўю
ўлада, нават найвышэйшая і наймацнейшая,
пачынае служыць у інтэнцыі дабра.
Будучыня чалавецтва знаходзіцца
не толькі ў руках палітыкаў,
вялікіх лідараў ды буйных карпарацый.
Так, яны маюць велізарную адказнасць.
Але будучыня перш за ўсё
знаходзіцца ў руках людзей,
што бачаць тваё "я",
і сябе як часцінку "нас".
Мы ўсе маем патрэбу адно ў адным.
Таму, калі ласка, прашу вас
і пра мяне ўспамінаць з пяшчотай,
каб і я змог выканаць
дадзеную мне місію служыць
дзеля дабра іншых, дзеля дабра ўсіх.
Усіх вас. Усіх нас.
Дзякуй.