Я падумаў, што хацеў бы пачаць з невялічкага запыту. Мне хацелася б, каб вы ўсе зрабілі невялічкую паўзу, вы, няшчасныя слабакі, і падвялі рахункі вашага гаротнага існавання. (Смех) Насамрэч, гэта была парада, якую святы Бенедыкт зрабіў сваім здзіўленым паслядоўнікам ў пятым стагоддзі. Гэта тая парада, якой я вырашыў карыстацца сам, калі мне споўнілася 40. Да самага гэтага моманту я быў класічным карпаратыўным ваяром -- Я еў зашмат, піў зашмат, я працаваў зашмат, і я пагарждаў сваёй сям'ёй. І тады я вырашыў, што мне варта паспрабаваць кардынальна змяніць сваё жыццё. У прыватнасці, я вырашыў, што пастараюся падыйсці да далікатнага пытання балансу працы і жыцця. Такім чынам, я аддаліўся ад працы і правёў год дома, з жонкай і чатырма малымі дзецьмі. Але ўсё, што я даведаўся пра баланс працы і жыцця за той год, гэта тое, што мне падалося вельмі лёгкім наладзіць гэты баланс працы і жыцця, калі мне зусім не трэба было працаваць. (Смех) Не вельмі карысны досвед, асабліва калі заканчваюцца грошы. Тады я зноў вярнуўся на працу і наступныя сем гадоў я правёў, змагаючыся, вывучаючы і пішучы пра баланс працы і жыцця. І ў мяне ёсць чатыры назіранні, якімі я хацеў бы з вамі сёння падзяліцца. Першае - гэта: калі грамадства хоча зрабіць хоць які прагрэс у гэтым накірнунку, нам неабходныя шчырыя дэбаты. Але праблема ў тым, што так шмат людзей кажуць столькі бязглуздзіцы пра баланс працы і жыцця. Усе гэтыя абмеркаванні пра гнуткі графік, або пра "хатнія пятніцы", або дыкрэтныя адпачынкі для мужчын толькі хаваюць галоўную праблему, якая заключаецца ў тым, што пэўны выбар працы і кар'еры фундаментальна несумяшчальныя з сапраўдным удзелам, на штодзённым узроўні, у жыцці і развіцці маладой сям'і. Вядома, першы крок у вырашэнні любой праблемы - гэта прызнанне рэальнасці сітуацыі, у якой мы знаходзімся. І рэальнасць нашага грамадства ў тым, што існуюць тысячы і тысячы людзей, якія пражываюць сваё жыццё ў бязмоўным адчаі, якія працуюць доўга і многа на працах, якія яны ненавідзяць, каб мець мажлівасць набываць рэчы, якія ім непатрэбныя, каб уразіць людзей, якіх яны не любяць. (Смех) (Воплескі) І я ўпэўнены, што калі вы станеце хадзіць на працу па пятніцах ў джынсах і саколцы, гэта насамрэч аніяк не вырашыць праблемы. (Смех) Другое назіранне, пра якое я б хацеў распавесці, давайце паглядзім праўдзе ў вочы, дзяржавы і карпарацыі не збіраюцца вырашаць гэтую праблему за нас. Мы павінны перастаць азірацца па баках. Гэта наша асабістая справа узяць на сябе кантроль і адказнасць за той лад жыцця, які мы хочам весці. Калі вы не праектуеце сваё жыццё, яго за вас спраектуюць іншыя, і вам можа проста не спадабацца іх ідэя балансу. Гэта асабліва важна -- гэтага ж няма ў сеціве, так? а то мяне звольняць -- надзвычайна істотна ніколі не дазваляць якасці вашага жыцця знаходзіцца ў руках камерцыйнай карпарацыі. І я маю на ўвазе зараз не толькі дрэнныя кампаніі -- "бойні чалавечых душ", як я іх называю. (Смех) Я маю на ўвазе ўсе кампаніі. Таму што камерцыйныя кампаніі першапачаткова прызначаны для таго, каб выціснуць па максімуму тое, што яны могуць ад вас атрымаць. Гэта ў іх натуры; у іх ДНК; гэта тое, чым яны займаюцца -- нават прыстойныя кампаніі, з добрымі намерамі. З аднаго боку, яны робяць месцы для догляду за дзецьмі на працы, гэта цудоўна і выдатна. А з іншага боку, і гэта сапраўдны жах -- гэта азначае, што вы проста праводзіце яшчэ больш часу ў чортавым офісе. Мы павінны быць адказнымі за ўстаноўку і забеспячэнне тых межаў, якія нам патрэбны ў жыцці. Трэцяе назіранне: нам трэба быць асцярожнымі з часавымі рамкамі, якія мы абіраем для ацэнкі нашага балансу. Перад тым, як вярнуцца на працу, пасля году дома, я сеў і напісаў падрабязнае, пакрокавае апісанне ідэальна збалансаванага дня, да якога я імкнуўся. І вось што ў мяне атрымалася: прачнуцца добра адпачыўшым пасля добрай ночы сну. Заняцца сэксам. Выгуляць сабаку. Паснедаць з жонкай і дзецьмі. Зноўку заняцца сэксам. (Смех) Адвезці дзяцей у школу па дарозе на працу. Папрацаваць 3 гадзіны. Заняцца спортам з сябрам у абедзенны перапынак. Папрацаваць яшчэ 3 гадзіны. Сустрэцца з некалькімі прыяцелямі ў пабе няпозна ўвечары. Прыехаць дадому на вячэру з жонкай і дзецьмі. Памедытыраваць паўгадзіны. Заняцца сэксам. Выгуляць сабаку. Зноўку заняцца сэксам. Легчы спаць. (Воплескі) Як часта, вы думаеце, я пражываю такі дзень? (Смех) Трэба быць рэалістамі. Вы не здолееце зрабіць гэта ўсё ў адзін дзень. Нам трэба павялічыць часавыя рамкі, па якіх мы ацэньваем баланс у жыцці, але нам варта павялічваць іх, не патрапіўшы ў пастку "Я зажыву, калі выйду на пенсію, калі дзеці стануць на ногі, калі развядуся з жонкай, здароўе пагоршыцца, і ў мяне не стане сяброў ці інтарэсаў." (Смех) Адзін дзень гэта замала; "на пенсіі" - гэта зашмат. Павінна быць нейкая сярэдзіна. Чацвёртае назіранне: Нам варта імкнуцца да балансу збалансавана. Летась да мяне ў госці прыязджала сяброўка -- і яна не супраць, каб я распавеў гэту гісторыю -- і яна сказала: "Найджэл, я прачытала тваю кніжку." І я зразумеў, што маё жыццё рэзка згубіла баланс. У ім поўнасцю дамінуе праца. Я працую 10 гадзін у дзень; плюс 2 гадзіны выдаткоўваю на дарогу. Усе мае асабістыя адносіны не маюць поспеху. У маім жыцці няма нічога акрамя працы. Тады я вырашыў ўзяць сябе ў рукі і разабрацца. І я запісаўся ў спортзалу. (Смех) Цяпер, калі сур'ёзна, то працаваць па 10 гадзін у офісе гэта не больш збалансавана; гэта карысней для здароўя. (Смех) Хаця фізічная нагрузка можа быць карыснай, ёсць яшчэ і іншыя часткі жыцця -- ёсць інтэлектуальны бок; эмацыйны бок; духоўны бок. І каб збалансаваць іх, мяркуецца, нам трэба развіваць усе гэтыя бакі -- а не толькі 50 разоў пакачаць прэс. Але гэта можа быць складана. Бо людзі скажуць: "Чувак, у мяне не было часу прыйсці ў форму. Ты хочаш каб я і прэс качаў, і маці патэлефанаваў." І я разумею, я поўнасцю разумею, як цяжка гэта можа апынуцца. Але выпадак, які адбыўся са мной пару гадоў таму, адкрыў перада мной новыя перспектывы. Мая жонка, якая зараз недзе тут у зале, патэлефанавала мне на працу і сказала: "Найджэл, ты павінен забраць нашага малодшага сына" -- Гары -- "са школы." Таму што яна павінна была быць недзе яшчэ з астатнімі трыма дзецьмі ў той вечар. І я сышоў з працы раней у той дзень і забраў Гары ля ўвахода ў школу. Мы прагуляліся ў парку непадалёк, пагушкаліся на арэлях, пагулялі ў нейкія дурацкія гульні. І потым пайшлі разам у кафэ, з'елі разам піццу ці дзве, потым пайшлі дадому, і я яго выкупаў і апрануў у піжаму з Бэтманам. Я пачытаў яму главу з кніжкі Роальда Даля "Джэймс і гіганцкі персік." Паклаў яго спаць, паправіў коўдру, пацалаваў у лоб і сказаў: "Дабранач, сябра!" і выйшаў з яго пакою. Калі я адыходзіў ад яго ложка, ён сказаў: "Тата?". Я падыйшоў: "Так?" І ён сказаў: "Тата, гэта быў лепшы дзень ва ўсім маім жыцці!" Я не зрабіў нічога асаблівага, я не вазіў яго ў Дзіснэйлэнд і не купіў яму Плэйстэйшан. Але я гэтым хацеў сказаць, што дробязі істотныя. Жыць збалансавана не азначае кардынальна змяніць сваё жыццё. З дапамогай найменшых укладанняў у правільным месцы, можна радыкальна змяніць якасць вашых узаемаадносінаў і якасць вашага жыцця. Больш за тое, я думаю, гэта магло б змяніць усё грамадства. Бо калі б дастатковая колькасць людзей зрабіла гэта, мы маглі б змяніць грамадскае вызначэнне поспеху з ідыёцкага спрошчанага ўяўлення, што чалавек з найбольшай колькасцю грошай памірае пераможцам, на больш разумнае і збалансаванае вызначэнне таго, як выглядае добра пражытае жыццё. І гэта, на маю думку, ідэя, вартая распаўсюду. (Воплескі)